“ЯНІС СТРУПУЛІС. 100 МЕДАЛЁЎ”

05.11.2018 10:00
13.12.2018 18:00

Яніс Струпуліс (Jānis Strupulis, monogram JS) - сусветна вядомы латышскі скульптар, медальер і графічны дызайнер. Дыяпазон яго творчасці даволі шырокі: ад медалёў, прысвечаных гарадам Латвіі, сусветна вядомым дзеячам навукі, культуры, мастацтва, знакавым падзеям, да дзяржаўнага герба Латвіі і дызайна сучасных грошай. У 1970-я гады ім была створана выдатная беларуская серыя, у якую ўвайшлі медалі, прысвечаныя Ф.Скарыне, С.Полацкаму, С.Буднаму, В.Цяпінскаму, М.Сматрыцкаму і інш. Некалькі з іх у мінулым годзе Я.Струпуліс перадаў у дар Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею. На выставе прадстаўлены творы 1976 - 2016 гг. Безумоўна, на працягу гэтага часу змяняліся творчыя прыярытэты майстра, але, здаецца, нязменным заставалася майстэрства і вытанчаная, лаканічная манера пластычнай мадэліроўкі. Разважаючы пра аўтарскую манеру Яніса Струпуліса ў медальерным мастацтве, напэўна, можна казаць і пра своеасаблівую “аўтарскую рэжысуру” кампазіцыі, і падкрэслены інтэлектуалізм вобразаў.

Яніс Струпуліс нарадзіўся 28 студзеня, 1949 года ў латышскім мястэчку Вецпіебалга (Vecpiebalga). У 1964 годзе скончыў пачатковую школу (Peterskola) у Яўнпіебалгскім краі, а ў 1966 – сярэднюю школу ў Валцы (Valka). 1973 – завяршыў навучанне на скульптурным аддзяленні Латвійскай акадэміі мастацтва. 1975 – 1980 – працаваў сцэнічным дызайнерам на Латвійскім тэлебачанні. 1980 – 1985 – мастак па афармленню інтэр’ераў у Рыжскіх майстэрнях дэкаратыўнага мастацтва. З 1985 – мастак-фрылансер. З 1971 года прымае ўдзел у выставах, правёў больш за 30 персанальных выстаў у розных краінах свету, у тым ліку ў Беларусі (2014, Музей Янкі Купалы, Мінск). З 1975 года стварыў больш за 770 медалёў. Сярод іх медаль імя вядомай латышскай пісьменніцы і мастачкі Маргарыты Старасце, якая ўручаецца “Фондам Карліса”. Я.Струпулісам распрацавана пластычная мадэль (эталон) Дзяржаўнага герба Латвіі (1990). Разам з Гунарсам Лусісам (Gunārs Lūsis) з’яўляецца аўтарам дызайну адноўленых у 1992 годзе манет Латвіі – латаў. Пасля пераходу Латвіі ў 2014 годзе на “евра” Я.Струпуліс з’яўляецца адным з распрацоўшчыкаў дызайну латвійскіх варыянтаў “еўра” манет. Сааўтар дызайну шэрагу калекцыённых (юбілейных, памятных) манет (“Рыга - Еўрапейская культурная сталіца 2014”, “Мая Латвія”, “Гербавая манета”), якія выпускаў Банк Латвіі, а таксама манет, распрацаваных да 100 - годдзя Латвійскай Рэспублікі і прысвечаных яе гістарычным абласцям (Відзэмэ (2016), Курзэмэ (2017), Латгале (2017), Земгале (2018). Аўтар памятных мемарыяльных дошак шэрагу вядомых асоб, такіх як Эрнст фон Бергман (2011), Іаган Крыстаф Броцэ (1996), Эрнэст Брасціньш (2007), Хэрбертс Тымерс (2006), Крыстаф Хаберланд (1994) і Аляксандрс Тыпайніс (2006), Рыхард Вагнер (2013), Аскар Строк (2013), У. Высоцкі (2013) і інш. Сярод узнагарод: Гран-пры на Трыенале медальернага мастацтва краін Балтыі (1995), прэміі на Трыенале медальернага мастацтва ў 1986 і 1989 гадах, залатыя медалі на Х (1992) і XII (1996) Біенале Дантэ, прыз Паула Страдыня (Pauls Stradins Prize) ад імя Музея гісторыі медыцыны і Акадэміі навук Латвіі (1997), прыз Таварыства Дантэ Аліг’еры ў Латвіі (2010), прэмія Я.Райніса Акадэміі навук Латвіі (2013). У 2009 годзе ўганараваны вышэйшай узнагароды Латвіі – Ордэна Трох зорак. Сябра Саюза мастакоў (1978) і Саюза дызайнераў Латвіі (1994), Прэзідэнт Клуба медальернага мастацтва Латвіі (з 1989), член FIDEM (Fédération Internationale de la Médaille d'Art – міжнароднай федэрацыі медальернага мастацтва) і дэлегат у ёй ад Латвіі, (1993), Ганаровы член Латвійскай акадэміі навук (1994), член Таварыства медальернага мастацтва Германіі (1998). Творы мастака знаходзяцца ў 60 музеях 18 краін свету.

У 2017-м годе Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею былі падараваны 3 медалі, створаныя Янісам Струпулісам, сярод іх і медаль, прысвечаны беларускаму першадрукару - Францыску Скарыне.

Куратар выставы – Міхась Цыбульскі – кандыдат мастацтвазнаўства.

Выстава будзе працаваць да 13 снежня 2018 г.